Цікава ведаць пра сваю мову

– Што такое народная мова?

Народная мова – гэта тая мова, якой гаворыць увесь народ. Кажны народ мае сваю родную мову, на ёй усюды гаворыць. Родная мова – вялікае народнае багацьце, якое народ павінен высока цаніць і шанаваць, бо, як кажа Алесь Гарун:

Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце, 
Гэта скарб нам адзін захаваўся, 
У сялянскай аграбленай хаце 
Толькі ён незабраным застаўся.

– Па чым лягчэй пазнаць, што мы беларусы?

Найлягчэй гэта пазнаць па нашай мове. Нашая беларуская мова злучае больш 15 міліёнаў беларусаў у адзін народ.

– Чаму мы гаворым на беларускай мове?

Яна наша родная мова, а кажны чалавек любіць сваю родную мову: так, прыкладам, немец любіць мову нямецкую, баўгарын – баўгарскую, а беларус – беларускую. І ўсё, што добрае, усе мудрасьці свету – навуку, літаратуру – мы найлепей разумеем і любім, калі чуем у сваёй роднай мове, бо яна нам найбольш зразумелая і прыступная. У сваёй хаце мы, бывае, мала бачым сваю любасць да нашай мовы, затое будучы на чужыне, як толькі пачуем нашую мову, дык вельмі цешымся. Бо чалавеку наймілей чуць і гаварыць сваёй роднай мовай.

– Якая наша мова?

Нашая мова адна з найчысцейшых у славянскай сям’і моваў. Яна мілагучная, вельмі спеўная і гібкая, пра што вельмі надаецца да паэзіі і спеваў. Дзеля таго, што мова нашая захавала даўнейшы славянскі характар, яна – як маці ў славянскай сям’і моваў. Да яе, як дзеці да маці,- падобныя ўсе славянскія мовы: руская, сербская, чэшская, украінская, польская і інш. Але пры гэтым яна зусім асобная, самабытная мова, як і кажная іншая. Ворагі нашага народу лгуць, што мова нашая не самабытная, калі кажуць: “гэта мешаніна рускай і польскай моваў”. Гэтак могуць гаварыць толькі цёмныя людзі. Шмат вучоных людзей розных нацыянальнасцей навучаліся нашай мове і пісалі аб ёй вучоныя кнігі, і ўсе яны ў адзін голас кажуць, што мова беларуская зусім самабытная, асобная мова, такая самая асобная славянская мова, як польская, ці руская.

Даўней нашая мова была адна з самых культурных усходня-славянскіх моваў, ёю гаварылі князі і вяльможы вялікага княства, ды каралі польскія. Беларуская мова была мовай дыплёматычнай на ўсходзе Еўропы.

У беларускай мове ў вялікім княстве пісаліся ўсе законы, вяліся ўсе ўрады і суды, адбываліся соймы і інш. Ад тых часоў захавалася багата дакументаў, кніг – усе яны пісаныя чыстай беларускай мовай.

– Ці маюць беларусы сваю літаратуру (пісьменства)?

Мы, беларусы, маем багатае сваё асобнае пісьменства. Беларускае пісьменства, літаратура, старэйшае за польскае і маскоўскае. 3 усіх славянскіх народаў адны толькі чэхі мелі раней за беларусаў надрукаваную біблію ў сваёй мове.

Чэшская біблія выдрукавана ў 1488 г.
Беларуская - у 1517 г.
Украінская - у 1555 г.
Польская - у 1561 г.
Літоўская - 1660 г.
Маскоўская - 1751 г.

Беларусы даўнейшымі часамі мелі вельмі багатае сваё пісьменства. У XVI стагодзьдзі былі напісаныя і надрукаваныя на беларускай мове ўсе законы, духоўныя кнігі (праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія і рэфармацкія), гістарычныя, навуковыя і ўсякія іншыя. Пасля наш народ заняпаў, яго задушылі, заціснулі, пры гэтым і пісьменнасць заглушылі. Нават зусім было забаронена што-небудзь пісаць і друкаваць па-беларуску. Толькі ў 1905 годзе беларусы дамагліся права друкаваць кнігі на сваёй мове. За кароткі час ад 1905 г. беларускія пісьменьнікі напісалі багата цікавых кніжак, стварылі новую беларускую літаратуру. Цяпер беларусы маюць сваю літаратуру і шмат газет і часапісаў.

– Ці беларуская мова адна на ўсёй Беларусі?

Беларуская мова адна і тая самая на ўсёй Беларусі, але, як і ўсе старадаўныя і жывыя мовы, так і нашая мае свае адмены – дыялекты або гаворкі. У нас ёсць колькі такіх дыялектаў або гаворак, прыкладам віцебская, смаленская, палеская, цэнтральная і г.д.

Шануйце родную мову, шануйце сябе самога, свой род, сваіх дзядоў, бацькоў, якія на гэтай мове гаварылі.